понедельник, 19 мая 2014 г.

ГЕАГРАФІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ

Ва ўмовах пераходу ад планава-адміністрацыйных да рынкавых адносінаў эканоміка постсавецкіх краін перажывае не толькі структурныя, але і прасторавыя змены, якія, у сваю чаргу, накладваюць адбітак на сацыяльную сферу і ўзровень жыцця насельніцтва. На працягу 1990-х гг. у Беларусі больш выразна выявіліся як адсталыя, так і перадавыя рэгіёны, г. зн. адбылася прасторавая трансфармацыя эканомікі Беларусі з фарміраваннем цэнтр-перыферыйных адносінаў.
Дыягностыка сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца актуальнай задачай эканомгеаграфічнай навукі: геаграфічны аналіз шматлікіх статыстычных дадзеных стварае падмурак для распрацоўкі комплексу мерапрыемстваў для рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных рэгіёнаў і прагназавання прасторавага развіцця беларускай эканомікі. Аднак у сучаснай навуцы адсутнічае ўніверсальная методыка для дыягностыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта абумоўлена дыялектычнай складанасцю характарыстыкі рэгіёна як прадмета даследавання і вялікай колькасцю паказчыкаў, якія неабходна ўлічваць. Дыскусійным з’яўляецца пытанне, якія паказчыкі найбольш дакладна адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё. Найбольш пашыраным з іх з’яўляецца агулавы рэгіянальны выраб (АРВ), які адлюстроўвае створаныя насельніцтвам за пэўны перыяд часу матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі пераведзеныя ва ўмоўныя адзінкі. Але паколькі дадзены паказчык не можа фіксаваць якасць паслуг аховы здароўя ці развіццё транспартнай інфраструктуры, найбольш пашыраным з’яўляецца выкарыстанне комплексных інтэгральных паказчыкаў. Навуковыя цяжкасці таксама звязаны з прыярытэтамі ў выкарыстанні абсалютных або адносных паказчыкаў для адлюстравання развіцця рэгіёнаў, а таксама з улічваннем дынамічнасці даследаваных з’яў. Даследаванні нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі, выкарыстоўваючы адносныя паказчыкі, амаль што не праводзіліся, што абумоўлівае навізну выбранай тэмы.
Для дыягностыкі нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі намі была выкарыстана методыка аналізу інвестыцыйнай прывабнасці гарадоў, прапанаваная ў артыкуле М.М. Кавалёва і А.Г. Якубовіч [2, с. 45]. Першапачатковыя дадзеныя (q – нумар рэгіёна, c – нумар паказчыка) нарміраваны ў індыкатары (Iqc) метадам мінімум-максімум, які пераўтварае ўсе дадзеныя ў дыяпазон [0, 1] па формуле (1.1):

                                                             (1.1)

дзе min(xqc) і max(xqc) – мінімальны і максімальны паказчык xqc за даследуемы перыяд часу. На наступным этапе нарміраваныя індыкатары агрэгуюцца ў мікраіндэксы шляхам вылічэння сярэдняга арыфметычнага. Пасля той жа методыкай мікраіндэксы па кожнаму паказчыку агрэгуюцца ў комплексны індэкс.
У даследаванні былі выкарыстаны наступныя адносныя паказчыкі, якія падаюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам [1]: аб’ём прамысловай вытворчасці на душу насельніцтва, чысты прыбытак арганізацый на душу насельніцтва, інвестыцыі ў асноўны капітал на душу насельніцтва, намінальны сярэднемесячны заробак працаўніка, рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі на душу насельніцтва і паказчык расшырэння ёмістасці рынка працы, які складаецца з узроўню безпрацоўя і долі неактыўнага насельніцтва ў складзе працаздольнага. Адзначаныя паказчыкі аналізаваліся за 5-гадовы перыяд – з 2008 (пачатак Сусветнага сістэмнага крызісу) па 2012 г. Пры гэтым па прычыне выкарыстання адносных паказчыкаў вынік даследавання не можа акрэсліць вагу рэгіёнаў у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Нашы вывады адлюстроўваюць найперш ступень выкарыстання вытворчага патэнцыялу чалавека, ўзровень і якасць яго жыцця ў розных рэгіёнах Беларусі.

Малюнак 1. Картасхема сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі (складзена аўтарам)

У выніку даследавання аўтарам была складзена картасхема, прапанаваная на малюнку 1. Найбольшае сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для 4 рэгіёнаў Беларусі з моцным прамысловым і чалавечым патэнцыялам: Салігорскі, Мінскі, Мазырскі раёны і горад Мінск. Дадзеныя рэгіёны з’яўляюцца лакаматывамі развіцця беларускай эканомікі, а таксама найбольш значнымі рэгіёнамі ў сферы знешняга гандлю з экспартаарыентаванай прамысловасцю. Сярэдняе сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для прысталічных рэгіёнаў (Дзяржынскага і Смалявіцкага), а таксама для буйных прамысловых (Жлобінскага, Полацкага, Брэсцкага і Гродзенскага). Названыя рэгіёны ўяўляюць сабою цэнтры эканамічнага развіцця Беларусі, для якіх характэрна найбольш рацыянальнае выкарыстанне чалавечага патэнцыялу ў краіне.
Да паўперыферыі належаць рэгіёны нізкага сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія, у сваю чаргу, звязаны з асноўнымі транспартнымі магістралямі еўрапейскага значэння. Да паўперыферыі таксама трэба аднесці і некаторыя рэгіёны з буйным чалавечым і прамысловым патэнцыялам (Гомельскі, Віцебскі, Пінскі, Аршанскі і інш.), аднак з меншымі паказчыкамі інвестыцый і чыстага прыбытку на душу насельніцтва. Паўперыферыя зведвае міграцыйны адток насельніцтва, дэпапуляцыю, але мае даволі высокі інвестыцыйны патэнцыял.
Перыферыя рэспублікі ў асноўным лакалізуецца на паўднёвым-усходзе, поўдні, а таксама на поўначы Беларусі (звязана з меншай прамысловай развітасцю Палесся і Паазер’я ды наступствамі аварыі на ЧАЭС). Аднак гэтыя тэрыторыі маюць высокі рэкрэацыйны і прыродаахоўчы патэнцыял, які не выкарыстаны ў дастатковай ступені.
Такім чынам праведзенае намі даследаванне дазволіла зрабіць наступныя высновы:
1.      Беларусі характэрна значная нераўнамернасць рэгіянальнага развіцця, пры гэтым тэндэнцыя да сацыяльна-эканамічнай дыферэнцыяцыі з кожным годам узрастае, што негатыўна сказваецца на агульнарэспубліканскім эканамічным развіцці;
2.      большая частка тэрыторыі краіны мае нізкае і вельмі нізкае сацыяльна-эканамічнае развіццё;
3.      цэнтрамі эканамічнага развіцця з’яўляюцца рэгіёны з буйной экспартаарыентаванай прамысловасцю, пры гэтым яны акумулююць каля 3,5 млн. чалавек ці 1/3 насельніцтва Беларусі;
4.      паўперыферыя звязана з галоўнымі транспартнымі артэрыямі краіны, тым самым выконваючы сваю галоўную функцыю – звязвае эканамічныя цэнтры краіны паміж сабою і з рынкамі іншых дзяржаў;
5.      перыферыя лакалізавана на паўднёвым-усходзе і поўначы Беларусі. Гэтым рэгіёнам характэрна дэпапуляцыя і міграцыйны адток насельніцтва.

Літаратура:

1) Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://belstat.gov.by/
2) Ковалев М.М., Якубович А.Г. Инвестиционная привлекательность городов // Вестник Ассоциации белорусских банков, № 11-12 (607-608) 18.03.11. С. 39 – 49

вторник, 25 марта 2014 г.

ПРАБЛЕМА ВЫКАРЫСТАННЯ ЭКАНАМІЧНАГА ПАТЭНЦЫЯЛА ДЭПРЭСІЎНЫХ РЭГІЁНАЎ

Адным з магістральных накірункаў даследаванняў грамадскай геаграфіі з’яўляецца пошук рацыянальнага выкарыстання сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага і экалагічнага патэнцыяла тэрыторый. Такі напрамак ставіцца перад географамі ня толькі пры даследаванні эканамічна развітых, урбанізаваных рэгіенаў, але і перад дэпрэсіўнымі. Пасля атрымання незалежнасці і пераадолення наступстваў сістэмнага крызісу, тэрытарыяльнай структуры Рэспублікі Беларусь характэрна ўзмоцненная перыферызацыя і рэгіяналізацыя, якая звязана з міграцыйнай актыўнасцю насельніцтва і абязлюджваннем сельскай мясцовасці. Пры гэтым, як адзначае доктар геаграфічных навук, прафесар К. Красоўскі ў сваёй манаграфіі “Урбанизированная эволюция Беларуси”: “пераход эканомікі з планавым кіраваннем народнай гаспадаркай да рынкавых адносінаў, прыкметнае ўзмацненне апорна-каркасных функцый гарадоў патрабуе актывізацыі даследаванняў рассяленчаскіх праблемаў і прынцыпова новых метадаў і механізмаў рэгулявання сацыяльна-эканамічнымі працэсамі” [7, с. 4].
Перыяд «урбаністычнага буму» 1950-1970-х гг. – масавага перасялення насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарады – абумовіў паўсюднае і прасторава раўнамернае змяншэнне шчыльнасці насельніцтва сельскіх тэрыторый – у сярэднім на 8% за перыяд. З 1970-х гг. і да канца ХХ стагоддзі працэс памяншэння шчыльнасці ў рэгіёнах Беларусі пачынае характарызавацца прасторавай нераўнамернасцю ў інтэнсіўнасці і ўзмацненні палярызацыі. Значныя прасторы сельскіх тэрыторый становяцца малалюднымі ці амаль бязлюднымі [1].
Як адзначае К. Красоўскі: Раўнамерная сетка малых гарадскіх населеных пунктаў павінна спрыяць фармаванню цэнтраў абслугоўвання сельскіх жыхароў. Аднак большасць з іх з-за недастатковага гісторыка-культурнага і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу не могуць у поўным аб'ёме выконваць гэтыя функцыі // Асаблівасць гарадскога рассялення краіны стварае значную кантраснасць ў магчымасцях астатніх жыхароў, якія пражываюць за межамі сярэдняга радыусу ўплыву на прылеглую тэрыторыю, выкарыстоўваць навуковы , культурны і сацыяльна-эканамічны патэнцыял гарадоў гэтай катэгорыі” [7], што, у сваю чаргу, спрыяе перыферызацыі значнай часткі тэрыторыі краіны. Рацыянальнае выкарыстанне малалюдных тэрыторый у новых рэаліях рынкавых адносінаў змяншэння агульнай канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі становіцца надзённай задачай, якая стаіць ня толькі перад колам навукоўцаў, але і перад кіраўніцтвам рэспублікі.
Трэба адзначыць, што такія меркаванні падтрымлівае і доктар геаграфічных навук, прафесар К. Анціпава ў сваім артыкуле “Сельское расселение Беларуси: пространственно-временные сдвиги”: “Пераход ад пашыранага да звужанага тыпу ўзнаўлення насельніцтва абумовіў абязлюджванне дробных паселішчаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. У выніку без насельніцтва па перапісу 1999 засталіся 3% сельскіх населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку з іх 40 % у Гомельскай вобласці , 30% – у Віцебскай . Кожны дзесяты сельскі населены пункт застаўся без насельніцтва ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Найменшая колькасць вёсак без насельніцтва знаходзіцца ў Брэсцкай і Мінскай абласцях (1 і 7% адпаведна). Дэпапуляцыя насельніцтва ў дадзенай катэгорыі сельскіх населеных пунктаў пры захаванні іх у каркасе сельскага рассялення Беларусі абумоўлівае рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя жыццядзейнасці і рацыянальнага выкарыстання сельскіх тэрыторый , якія засталіся без насельніцтва” [1]. Пры гэтым процівагай перадавым рэгіёнам з узмоцненым узроўнем індустрыяльна-тэхнагеннай нагрузкі могуць стаць асабліва ахоўныя тэрыторыі.
На развіццё урбанізацыйнага каркаса рэспублікі істотны ўплыў аказвае нацыянальная экалагічная сетка і наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Фарміраванне экалагічнай сеткі ўстанаўлівае шэраг абмежаванняў і прыярытэтаў развіцця як для апорных гарадоў сістэмы рассялення, так і для транспартных камунікацый. У сувязі з гэтым прыродны каркас, аснову якога ўтвараюць асабліва ахоўныя тэрыторыі, выступае ў якасці процівагі ўрбанізаваным каркаса і разам з ім ўтварае планіровачны каркас краіны [6].
Перадавой асабліва ахоўнай тэрыторыяй з’яўляюцца нацыянальныя паркі. Нацыянальны парк – асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя (акваторыя), якая мае экалагічную, гістарычную і эстэтычную каштоўнасць і амаль не зменена дзейнасцю чалавека. Ствараецца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асветніцкіх і навуковых мэтах [4, с. 242]. У адрозненне ад запаведнікаў, дзе дзейнасць чалавека практычна цалкам забароненая (забароненыя паляванне, турызм і т. п.), на тэрыторыю нацыянальных паркаў дапускаюцца турысты, у абмежаваных маштабах дапускаецца гаспадарчая дзейнасць, што дазваляе атрымоўваць з гэтай тэрыторыі нейкія эканамічныя прыбыткі. З-за спалучэння эканамічнай і экалагічнай дзейнасці нацыянальныя паркі з’яўляюцца найбольш пашыраным тыпам асабліва ахоўных тэрыторый.
Нацыянальныя паркі на тэрыторыі Беларусі з'явіліся ўжо ў час яе незалежнасці, напрыклад: “Белавежская пушча” – стала нацыянальным паркам толькі з 1993 года, хоць як ахоўная прыродная тэрыторыя вядомая з 1409; “Браслаўскія азёры” – нацыянальны парк з 1995 года; “Нарачанскі” – стаў нацыянальным паркам у 1999 годзе. Стварэнне новых нацыянальных паркаў было спынена. Пры гэтым агульная плошча нацыянальных паркаў Беларусі складае каля 327 тыс. га ці каля 1,5% плошчы рэспублікі [4]. Гэты паказчык вышэйшы за многія краіны Еўропы (Германія, Польша і г.д.), аднак пры нашым паказчыку шчыльнасці насельніцтва (47 чал./км2), узроўні дэмаграфічнай нагрузкі на тэрыторыю і агракліматычным умовам доля асабліва ахоўных тэрыторый у структуры зямельных рэсурсаў можа быць вышэйшая. Трэба адзначыць, што ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” ў 2011 годзе выдаткі на вядзенне паляўнічай гаспадаркі склалі 1,083 млрд. руб., прыбыткі 1,396 млрд. руб., што гаворыць пра эканамічную перспектыўнасць такіх тэрыторый [8].

Рыс. 1. Шчыльнасць сельскага насельніцтва (створа аўтарам па матэрыялах [1])
1 – “Выганашчанскі” НП; 2 – “Падзьвінскі” НП; 3 – “Асвейскі” НП; 4 – НП “Налібоцкая пушча”; 5 – “Сожскі” НП

Значная частка Беларусі характарызуецца абязлюджваннем тэрыторыі, пры гэтым 38% ад тэрыторыі краіны складаюць лясы, што з’яўляецца добрым падмуркам для стварэння нацыянальных паркаў (рыс. 1).
На аснове разлічанага каэфіцыента дынамікі шчыльнасці сельскага насельніцтва за 1959-2005 гг . К. Анціпавай было выяўлена 6 арэалаў максімальнага дэмаграфічнага змяншэння шчыльнасці (каэфіцыент дынамікі больш за 2,5 ) [1]:
1) Чашніцка-Сенненска-Талачынская дуга ;
2) Іўеўска-Наваградзка-Дзятлава-Зэльвенская дуга;
3) Лоеўска-Нараўлянская дуга;
4) Баранавіцка-Івацэвіцкі арэал;
5) Круглянска-Шклоўска-Бялыніцка-Клічаўскі арэал;
6) Чавуска-Рагачоўска-Веткаўска-Хоцімскі арэал (усяго 13 раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей).
У гэтых выдзеленых К. Анціпавай рэгіёнах ва ўмовах зніжэння тэхнагеннай і дэмаграфічнай нагрузкі неабходна стварэнне комплексных праграмаў для рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных тэрыторый і глыбокі навуковы аналіз магчымасці ўтварэння на базе адзначаных тэрыторый нацыянальных паркаў. Пры паверхневым аналізе, які грунтуецца на ўліку ўжо створаных у краіне заказніках рэспубліканскага значэння як падмуркаў новых нацыянальных паркаў, можна вызначыць 5 патэнцыйных тэрыторый:
1.     Павялічаная тэрыторыя “Выганашчанскага” гідралагічнага заказніка. Прыродны комплекс заказніка мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння. Заказнік ўключае буйныя балотныя масівы Выганашчанскае, Пагоня, Алешня, а таксама ўрочышча Мох, Заканалье і інш. Заказнік “Выганашчанскае” ўяўляе сабою ўнікальную непаўторную тэрыторыю для Беларусі і Еўропы ў цэлым. Гэта найбуйнейшы захаваны балотны масіў на водападзеле рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. У заказніку знаходзіцца зона актыўнай разгрузкі грунтавых вод, якая мае важнае значэнне ў харчаванні рэк, азёр, падтрыманні кліматычных характарыстык. Заказнік размешчаны ў межах пляската-хвалістых балотных і плоскіх другасных водна-ледавіковых ландшафтаў. На месцы былога марскога дна сфармавалася сучасная буйная плоскавыгнутая азёрна-балотная нізіна з вялікай колькасцю азёраў. Тут жа праходзіць частка Агінскага канала, а ва ўрочышчы “Вясёлая Града” захаваўся старажытны промысел – бортніцтва, выяўленыя сляды матэрыяльнай культуры чалавека каменнага веку (крэмневыя рэтушаваныя скрабкі). Каля вёскі Бабровічы помнікі прыроды і археалогіі – дубы-волаты і старажытнае гарадзішча [9].
2.     “Падзьвінскі” нацыянальны парк можа быць створаны на базе гідралагічнага заказніка “Крывое” разам з Ушацкай групай азёр і сярэдняй часткай поймы Заходняй Дзвіны. Тэрыторыя нацыянальнага парка будзе размешчана на Полацкай нізіне, дзе сустракаюцца озавыя грады. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [3, с. 499]
3.     “Асвейскі” біялагічны заказнік заснаваны ў 1977 годзе для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера (гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, водзіцца андатра і бобр), Асвейскае балота і града [2, с. 23].
4.     Нацыянальны парк “Налібоцкая пушча” можа быць створаны на базе аднайменнага біялагічнага заказніка. 26 сустракаемых у “Налібоцкай пушчы” вышэйшых відаў сасудзістых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [4, с. 133].
5.     “Чачэрскі” біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў 1978 годзе заснаваны для рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення прыродных запасаў лекавых раслін. У Чырвонай кнізе – пылкагалоўнік чырвоны, жаўтазель германскі, канюшына любінавая; з жывёл – барсук, кулік-сарока, чорны бусел [5, с. 267].
Агульная дэпапуляцыя насельніцтва і наяўнасць дэпрэсійных сельскіх рэгіёнаў абумоўлівае рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя жыццядзейнасці і рацыянальнага выкарыстання сельскіх тэрыторый, якія засталіся без насельніцтва. Такім рашэннем можа стаць стварэнне новых асабова ахоўных тэрыторый. Нягледзячы на агульнае змяншэнне канкурэнтаздольнасці беларуская эканомікі, у Беларусі ёсць значная абсалютная перавага – гэта адносна захаваная еўрапейская прырода. Пры разумным турыстычным маркетынгу і дзяржаўнай падтрымцы гэта перавага можа прынесці эканоміцы рэспублікі пэўныя дывідэнты.


Спіс выкарыстанных крыніц:
1.     Антипова Е.А. Сельское расселение Беларуси: пространственно-временные сдвиги (в 2-х ч.) // Земля Беларуси. – 2007. № 2. – С.20 25; Земля Беларуси. – 2007. № 3. – С.15-20. [Электронный ресурс] http://www.bsu.by/Cache/pdf/162373.pdf
2.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  2: Аршыца – Беларусцы / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1996. – 480 с.
3.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  8: Канто – Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1999. – 576 с.
4.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  11: Мугір – Паліклініка / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2000. – 560 с.
5.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512 с.
6.     Беларусь: среда для человека // Национальный отчет о человеческом развитии – 96. – Минск, 1996. – 216 с.
7.     Красовский К.К. Урбанистическая эволюция Беларуси: монография / К. Красовский. – Брест: БрГУ имени А.С. Пушкина, 2009. – 237 с.
8.     Афіцыйны сайт нацыянальнага парка “Нарачанскі” [Інтэрнэт-спасылка] http://www.naroch.com/sertifikacia/
               9. [Інтэрнэт-спасылка] http://www.gants-region. info/ index/ landshaftnyj_                       zakaznik_ vygonoshhanskoe/0-1436

суббота, 18 января 2014 г.

Аркадзь Смоліч: ля вытокаў беларускай геаграфіі новага часу


У гісторыі многіх навук ёсць незлічоная колькасць вучоных, навуковая праца якіх была неацэнена пры іх жыцці, забыта наступнымі пакаленнямі і адкрыта, перагледжана праз мноства гадоў даследчыкамі. У беларускай гісторыі такіх постацей таксама хапае, можна ўспомніць, напрыклад, даследаванні Наркевіча-Ёдкі ў фізіцы, працы па гісторыі роднай Беларусі В. Ластоўскага і інш. Такой знакавай велічынёй для геаграфічнай навукі Беларусі з’яўляееца постаць Аркадзя Смоліча.
Гэты чалавек, які з’яўляецца “беларускім Рыттэрам”, нарадзіўся ў весцы Бацэвічы Бабруйскага павета ў сям’і дзьякана у 1891 г. Смолічы жылі ў Бацэвічах толькі першыя пяць-шэсць гадоў пасля нараджэння Аркадзя, затым яго бацька атрымаў новае службовае прызначэнне, і яны пераехалі ў сяло Саламерычы Семкава-Гарадзецкай вобласці пад Заслаўем. Калі сын падрос, бацька адправіў Аркадзя атрымоўваць адукацыю ў Мінскую духоўную семінарыю, якую ён паспяхова закончыў у 1909 г. Пасля атрымання духоўнай адукацыі, 18-гадовы хлапчук вырашыў паступаць у Нова-Александраўскі інстытут сельскай гаспадарскі і лясніцтва ў горадзе Пулавы, што ў Польшчы. Гэты інстытут быў адной са старэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў у Еўропе і другім пасля Петроўскай акадэміі ў Расіі. Яшчэ ў 1892 годзе па ініцыятыве В.В. Дакучаева, які быў тады дырэктарам інстытута, гэта ўстанова была прыроўнена да ўніверсітэта. У гэтым інстытуце Аркадзь Смоліч становіцца выхаванцам першай у свеце кафедры глебазнаўства. Аднак скончыць гэты інстытут у А. Смоліча не атрымалася — ен быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Пасля сканчэння тэрміна ссылкі, Аркадзь вучыўся ў прыватных высшых сельскагаспадарчых курсах у Санкт-Пецярбурзе і, адначасова, працягнуў вучобу ў Нова-Александраўскім інстытуце, які паспяхова скончыў у 1916 г. Трэба адзначыць, што на працягу перыяду вучобы, А. Смоліч актыўна ўдзельнічаў у палявых даследаваннях, такіх як навуковая экспедыцыя пад кіраўніцтвам А.А. Чэлінцава па даследаванню сялянскіх гаспадарак Расіі і Украіны, а практыку Аркадзь праходзіў на знакамітай Энгельгардскай сельскагаспадарчай станцыі ў Смаленскай губерні. Потым А. Смоліч вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. Да Лютаўскай рэвалюцыі Аркадзь Антонавіч працаваў у Мінскім губернскім земстве ў якасці статыстыка, дзе вялікае значэнне для яго мела кіраўніцтва перапісам насельніцтва і гаспадаркі Мінскай губерні. Аднак палітычныя падзеі, што разгарнуліся ў краіне, захапілі маладога вучонага, таму ен стаў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю.
Пасля акупацыі Заходняй Беларусі Польшчай, А. Смоліч быў вымушаны пераехаць жыць з Гродна ў Вільню, дзе ён працаваў кіраўніком Беларускага выдавецкага таварыства і настаўнікам геаграфіі на педагагічных курсах. Цяжкае становішча бацькаўшчыны і беларускага народа прывяло А. Смоліча да разумення неабходнасці выдання першага вучэбнага дапаможніка на роднай мове “Геаграфія Беларусі”, які пабачыў свет у 1919 г. Многія даследчыкі лічаць, што гэты падручнік мае навуковую значнасць нават сёння, а іншыя лічаць яе самай якаснай працай па агульнай геаграфіі Беларусі. Кніга вучонага пачыналася эпіграфам “Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў” і перажыла 4 перавыданні (апошні ў 1995). У той жа час у Берліне і Вільні выходзяць дзве яго карты Беларусі. У 1921–1922 гг. ён робіць пераклады падручнікаў па кааперацыі, вядзе інструктарскі аддзел Віленскага Саюза кааператараў, але і гэту працу пакідае з-за праследванняў польскіх уладаў.
У жніўні 1922 г. урад БССР дазволіў А. Смолічу вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства рэспублікі. А. Смоліч лічыў, што фарміраванне рыначных адносін павінна быць звязана з развіццем сялянскіх гаспадарак: чым больш селянін будзе мець прадукцыі, тым больш ен зможа прадаць, а затым купіць прамысловых тавараў, г. зн. што рост сельскай гаспадаркі будзе падмуркам для развіцця айчыннай прамысловасці. Таму з часоў НЭПу пачынаецца паспяховая навуковая дзейнасць А. Смоліча ў галінах сельскай гаспадарскі, раянавання тэррыторыі і эканомікі БССР. У 1923 годзе А. Смоліч абараніў кандыдатскую дысертацыю “Арганізацыя сельскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі”, быў выбраны дацэнтам і загадчыкам кафедры геаграфіі БДУ, таксама у гэты час выкладчык БДУ становіцца супрацоўнікам Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт).
У 1924 г. пад кіраўніцтвам А. Смоліча быў заснаваны часопіс “Плуг”, а таксама — Цэнтральнае бюро краязнаўства, задачай якога з’яўлялася каардынацыя дзейнасці краязнаўчых арганізацый і асобных краязнаўцаў. Неабходнасць стварэння краязнаўчых арганізацый дыктавалася таксама малой вывучанасцю тэрыторый рэспублікі. Вельмі добра гэту задачу сфармуляваў Аркадзь Анатольевіч:”… Краязнаўчая праца, аб’яднаючы вучонага-даследчыка і маладзенькага піянера-збіральніка калекцый, ёсць адзіная гарантыя таго, што Беларусь перастае быць краем, невядомым для саміх беларусаў, а ў выніку гэтага зменіцца выгляд усяе нашае гаспадаркі, ды і ўсяе беларускае культуры“.
У гэтым годзе А. Смоліч падрыхтаваў даклад да СНК 2 сесіі ЦВК БССР VІ склікання “Першае адміністрацыйна-гаспадарчае дзяленне БССР”. Гэта не толькі першае, але і вельмі ўдалае эканамічнае раянаванне тэрыторыі тагачаснага БССР. У аснове даннага раянавання быў пакладзены прынцып Дзяржплана СССР, распрацаванага пад эгідай У.І. Леніна: была дасягнута максімальна магчымая тэрытарыяльная раўназначнасць ствараемых адміністрацыйных адзінак. Таксама пры выкананні раянавання А. Смоліч прымаў да ўвагі неаднароднасць тэрыторыі ў адносінах да яе геаграфічных і эканамічных умоў. Напрыклад, ен тлумачыў адносна вялікую плошчу Мозырскага павета адносна маленькай шчыльнасцю насельніцтва гэтай тэрыторыі. А. Смоліч выдзеліў на тэрыторыі БССР 10 акругоў: Полацкі, Віцебскі, Аршанскі, Магілеўскі, Калінінскі, Бабруйскі, Мозырскі, Слуцкі, Мінскі і Барысаўскі, што лягло ў аснову адміністрацыйна-гаспадарчага дзялення БССР. Па кожнай акрузе была прыведзена даволі падрабязная характарыстыка з выкарыстаннем гістарычных і статыстычных дадзеных. На аснове матэрыялаў даклада А.А. Смоліча і працы В. М. Ігнатоўскага “Беларусь” у 1925 годзе была створана кніга “БЕЛАРУСЬ. Тэрыторыя, насельніцтва, эканоміка, галоўныя моманты гісторыі. Эканамічны нарыс Савецкай Беларусі і яе акругоў”.
У тым жа 1924 г. А. Смоліч прыняў актыўны ўдзел у стварэнні кнігі “Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху”, якая складалася з удзелам такіх людзей, як У. Ігнатоўскі, З. Жылуновіч і А. Сташэўскі. Раздзел Аркадзя Анатольевіча ў кнізе меў назву “Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй”. Аналізуючы геаграфічнае становішча Беларусі, вучоны адзначае: “…геаграфічнае палажэнне Беларусі спрыяюць самаму шырокаму разгарненню яе эканамічнага жыцця. Змешчаная ў самай сярэдзіне Эўропы, на крыжыванні вялікіх вадзяных і сухаземных шляхоў…” У данным раздзеле даваліся поўныя звесткі аб прыродных умовах для гаспадаркі, аб развіцці сельскай гаспадарскі, лесаводства, розных галін прамысловасці, гандлю і іншых сфер жыцця беларускага грамадства у перыяд ад пачатку Першай сусветнай вайны да Кастрычніцкай рэвалюцыі, г. зн. план характарыстыкі Беларусі меў класічны выгляд: ад фізічнай да эканамічнай геаграфіі. У якасці геаграфічнай тэрміналогіі А. Смоліч спрабаваў не выкарыстоўваўць запазычаных і іншамоўных слоў, а знаходзіў для іх кандовыя эквіваленты. Напрыклад, экспарт–вываз, імпарт–прывоз, склон–спад, крупны рагаты скот–быдла, здабываючая прамысловасць–нетрапальная прамысловасць і інш. Трэба адзначыць, што для прац А. Смоліча характэрна гістарычнасць, высокае значэнне прыродных умоў у прычынна-следчых сувязях з эканамічным становішчам, вялікая ўвага да структуры зямельнага фонду краіны і, асабліва, да няўжытых зямель, а таксама даследаванне перспектыў выкарыстоўвання прыродных рэсурсаў, прапановы па эфектыўнасці шляхоў развіцця гаспадаркі Беларусі. Вучоны раіў стварыць аграіндустрыйны камбінат, даў схему рацыянальнага размяшчэння сельскагаспадарчых культур на тэрыторыі БССР.
Адна з самых вядомых прац А. Смоліча была напісана ім у 1925 г. і мела назву “Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі”, г. зн. што А. Смоліча можна лічыць першым ландшафтазнаўцам на тэрыторыі Беларусі. Гэтая праца была адна з самых перадавых не толькі ў галіне ландшафтазнаўства, але і ва ўсей сферы геаграфіі ўвогуле. Для таго, каб адчуць усю значнасцьі якасць гэтай працы А. Смоліча можна прачытаць яго уводныя радкі.
 “Географы апошнімі часамі вельмі часта азначаюць мэту свае навукі, як пазнанне “аблічча зямлі”, або аблічча паасобных зямель, краін. Рысамі-ж, якія складаюць гэтае “аблічча зямлі”, есць геаграфічныя краявіды, гэтыя, як аб іх казаў адзін расійскі географ (Борзов), “заканамерна разложаныя у прасторы геаграфічныя індывідуальнасці”, якія відавочна выяўляюць факты і з’явішчы, што існуюць у пэўным месцы зямной паверхні, у іх узаемных адносінах”.
У сваей працы А. Смоліч абгрунтаваў разнастайнасць ландшафтаў Беларусі, даў схему раянавання БССР, склаў карту старажытных зямель Беларусі, адзначыў ролю геаграфічнага прагнозу для развіцця народнай гаспадаркі, а таксама спрабаваў даць першую класіфікацыю краявідам Беларусі, так называемыя тыпы краявідаў. Аркадзь Анатольевіч лічыў, што праблему раянавання тэрыторыі СССР можна вырашыць толькі праз вывучэнне краявідаў і іх прыродных умоў: “…Найчасцей зачапляецца і найпаважней ставіцца гэтая справа ў звязку з праблемаю раянавання, якая гэтак востра стаіць апошнім часам у расійскай навуцы. Гэтая праблема была б найлепш развязана, калі б яе хацець абаперці на вывучэнне краявіду, бо краявід — гэта, уласціва кажучы, і есць геаграфічная характарыстыка раена…”
У аснову сваей класіфікацыі А. Смоліч узяў генетычныя асаблівасці разглядаемых тэрыторый: “Ландшафты Беларусі залежаць, галоўным чынам, ад геалагічнага мінулага”. Пры вызначэнні тыпаў ланшафтаў ён карыстаецца метадам галоўнага ландшафтаўтваральнага фактара. Гэтакімі фактарамі на тэрыторыі Беларусі, паводле меркавання вучонага, ёсць дзейнасць ледавіка і сучасныя эразійныя працэсы. Такі падыход дазволіў выдзяліць 4 найбольш пашыраныя формы краявідаў у Беларусі: “…1)канцова марэнны (з дзьвюма адменамі — вазернай і грудавіннай), 2)падысподняе марэны, 3)палескім краявідзе і 4)раўчаўковым краявідзе лесастэпу…” Аўтар падкрэсліваў фізіялагічнасць кожнага ландшафту ў яго назве, пісаў аб неабходнасці выкарыстання матэматыкі і гістарычнай інфармацыі пры вывучэнні ландшафтаў. Акрамя гэтага, даследчык імкнуўся паказаць велізарную ролю чалавека ў пераўтварэнні ландшафтаў. Ён разглядае ўздзеянне чалавека не толькі на асобныя элементы, але і на ўвесь ландшафты комплекс. Разам з тым паказвае адваротны ўплыў змененай прыроды на грамадства: “У сувязі са зьнікненнем лесу зьнікае і асноўная праца палешука, востра адчуваецца перанаселеннасць сёл і ў выніку — эміграцыя ў Сібір ”. У залежнасці ад тыпаў ландшафтаў, паводле А. Смоліча, адбываецца і рассяленне чалавека: “Сёлы, у асноўным, у далінах рэк з-за нізкага роўнь грунтовых водаў” або “вескі на водараздзелах, уздоўж рачных далін, на высокіх месцах, дзе зямля больш дрэніраваная і сухая”. Усе кампаненты прыроды знаходзяцца ў цеснай сувязі з краявідамі: свет жывелаў, расліннасць і межы яе пашырэння, грунты, гідралогія, клімат і рэльеф. Апісваючы паасобныя праявы беларускай прыроды, А. Смоліч звяртае ўвагу на іх характэрныя асаблівасці, якія дазваляюць выдзяліць Беларусь вакол суседніх яе краін у асобную фізіка-геаграфічную краіну. Гэта праца была высока ацэнена навуковай інтэлегенцыяй Беларусі, таму А. Смоліч заняў пасаду намесніка старшыні Інбелкульта, а таксама стаў кіраўніком сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР.
У 1925 г. у БССР пабачыў свет зборнік “Заходняя Беларусь”, у якім А. Смоліч надрукаваў артыкул “Сялянства Заходняй Беларусі (яго сучаснае палажэнне)”. У гэтым артыкуле шырока апісваецца эканамічнае становішча Заходняй Беларусі і характарызуецца польская палітыка ў адносінах да беларускага сялянства. 1925 г. становіцца адным з самых пленных у жыцці А. Смоліча, бо ў гэтым жа годзе дацэнт БДУ выдае падручнік “Геаграфія пазаеўрапейскіх краеў” — адно з першых выданняў па геаграфіі мацярыкоў на беларускай мове.
У 1926 г. А. Смоліч пленна працуе у сельскагаспадарчай секцыі Інбелкульта і выдае артыкул “Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раенах Цэнтральнай Беларусі”. У данным артыкуле ставіцца пытанне аб выдзяленні раенных тыпаў сялянскай гаспадаркі і іх геаграфічнага размяшчэння ў межах цэнтральнай Беларусі. Падмуркам для падзелу рэспублікі на сельскагаспадарчыя раены беларускі географ вылучаў фізіка-геаграфічныя ўмовы разглядаемай тэрыторыі, асаблівасці “ральніцтва” і жывелагадоўлі. А. Смоліч атрымаў 4 раенныя тыпы: інтэнсіўна-земляробскі (быў характэрны тэрыторыям каля гарадоў Мінска і Бабруйска), сярэдняе, паўночнае і паўдневае Палесье. Арганізацыйны план уключаў выбар напрамку далейшага развіцця сялянскага гаспадарства для кожнага раена, спалучэнні яго розных галін, падзел прадукцыі, патрэбнай гаспадарцы і прадукцыі, накіраванай на рынак, баланс грашовага прыбытку і выбытку і інш. Па праведзеных даследаваннях быў зроблены вывад, што неразвітасць гандлю уплывае на сістэму сельскай гаспадаркі, у тым ліку на спецыялізацыю асобных раёнаў, г. зн. была ўсталявана цесная залежнасць памераў спажывання ад узроўня развіцця гандлевых зносін. У гэтым жа годзе рэктар БДУ прафесар Пічэта рэкамендуе А. Смоліча на пасаду прафесара, адзначаючы, што “дацэнт Смоліч працуе ва ўніверсітэце на працягу чатырох год з вялікім поспехам і, акрамя гэтага, мае цэлы шэраг прац геаграфічна-гістарычнага характару, якія вылучалі дацэнта Смоліча як выдатнага даследчыка геаграфіі і эканомікі Беларусі”. З 1 лютага 1927 года паводле пастановы №54 Народнага камісарыята адукацыі БССР А.А. Смоліч быў прызначаны на пасаду прафесара і стаў першым прафесарам геаграфіі БССР, якім ён з’яўляўся да 1930 года.
1928 год быў знакавым для А. Смоліча, таму што ен быў абраны членам Дзяржаўнага геаграфічанага таварыства, а ў 1930 г. за працу “Сельскагаспадарчыя раены БССР у 1927–1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі” быў узнагароджаны Малым залатым медалем гэтага таварыства. У гэтыя ж гады А. Смоліч адначасова з’яўляўся загадчыкам кафедры геаграфіі Беларускай Акадэміі навук і аддзела сельскагаспадарчай эканоміі і аграрнай палітыкі пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі. А. Смоліч разам з У. Ігнатоўскім, С. Некрашэвічам, В. Ластоўскім распрацаваў Статут Беларуская Акадэміі навук, створаны 1 студзеня 1929 года.
За 10 гадоў А. Смоліч паспеў апублікаваць больш за 30 навуковых прац, якія закранаюць праблемы ландшафтазнаўства, раянавання, картаграфіі, эканомікі, навуковай беларускай тэрміналогіі. Прафесар пленна працаваў над складаннем першага атласа БССР, з’яўляўся рэдактарам шэрагу тэрміналагічных зборнікаў, удзельнічаў у складанні батанічнага і сельскагаспадарчага выпускаў.
У 1930-м г. навуковая дзейнасць Аркадзя Анатольевіча Смоліча была закончана, ен разам з Г. Гарэцкім, Р. Бонч-Асмалоўскім і іншымі быў арыштаваны і высланы за межы БССР. Нягледзячы на гэта, А. Смоліч пабудаваў падмурак для развіцця і станаўлення эканамічнай навукі Беларусі, асабліва ў вобласці эканамічнай геаграфіі, размяшчэння вытворчых сіл, арганізацыі сялянскіх гаспадарак, раянавання, гісторыі народнай гаспадаркі рэспублікі. У яго навуковых пошуках ён выкарыстоўваў працы не толькі расійскіх, але і ўкраінскіх, польскіх і нямецкіх вучоных.
Нават і сёння часта можна пачуць, што “няма ніякай беларускай эканомгеаграфіі”, а выдатны савецкі эканомгеограф Юліян Глебавіч Саушкін у плане глаў да сваёй кнігі ўспамінаў “Географическое мышление» адзначаў пра эканомгеаграфічную школу Беларусі: “В целом – нет силы и концентрации внимания на главном» [1]. Лічу, калі б Ю. Саушкін ведаў пра постаць А. Смоліча, яго стаўленне было б не такім адназначным. Беларуская эканомгеаграфічная школа будавалася на падмурку класічнай антропагеаграфічнай школы К. Рыттэра, але, на жаль, так і не сфармавалася з-за смерці яе пачынальніка...

Спіс выкарыстанных крыніц:

1.     Саушкин Ю. Г. Географическое мышление. — Редколлегия: А. А. Агиречу, Н. В. Петров, В. Е. Шувалов / Смоленск: Ойкумена, 2011. — 218 с

ДЫНАМІКА САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ

Сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя адрознівалася станоўчым ростам усіх рэгіёнаў, што суправаджалася стабілізацыяй эканамічнай сітуацыі ў краіне і згладжваннем адрозненняў у рэгіанальным развіцці. Аднак ва ўмовах зніжэння канкурэнтных пераваг нацыянальных тавараў на рынках ЕС, а таксама патрэба ў мадэрнізацыі прамысловасці, якая ўзмацняецца з кожным годам, прывялі да павышеэння ўзроўню дыферэнцыацыі тэмпаў росту сярод рэгіёнаў краіны. Найбольшы ўзровень тэмпаў росту эканомікі быў характэрны рэгіёнам арыентаваным на продаж прадукцыі нафтаперапрацоўкі ў краіны ЕС, а таксама рэгіены, якія адрозніваюцца больш дыферэнцыраванай структурай эканомікі. Пры гэтым сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь за перыяд з 2008 па 2012 гады зведала істотныя якасныя змены, звязанныя з Сусветным фінансавым крызісам і яго наступствамі. Таму цікавасць сярод эканомгеографаў выклікае рэакцыя рэгіенаў Беларусі на змяненні кан’юктурных умоў на сусветным рынку і прасторавая дыферэнцыацыя дынамікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за апошнія 5 гадоў.
Малюнак. Тэмп роста ВРП
Для аналізу дынамікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі былі выбраны 5 асноўных паказчыкаў, якія фіксуюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь: валавы рэгіянальны прадукт, аб’ем прамысловай вытворчасці, прадукцыя сельскай гаспадаркі, рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі, а таксама інвестыцыі ў асноўны капітал [1]. Пры гэтым трэба адзначыць, што для дасягнення большай інфарматыўнасці, дакладнасці і нагляднасці вынікаў ўсе адзначаныя абсалютныя паказчыкі былі пераведзены ва ўдзельныя (падзелены на душу насельніцтва).

Табліца 1
Дынаміка ВРП на душу насельніцтва па рэгіёнам Беларусі, дол. ЗША [1]
Рэгіён
2008
2009
2010
2011
2012
Сярэдняе
Брэстская вобласць
4156,8
3590,4
4129,4
4175,1
4168,9
4044,1
Віцебская вобласць
4339,3
3643,7
4004,5
4516,2
4850,1
4270,8
Гомельская вобласць
4935,3
4022,2
4340,1
4905,3
5159,5
4672,5
Гродненская вобласць
4518,2
3855,5
4147,6
4564,4
4788,1
4374,8
Магілёўская вобласць
4282,5
3422,6
3996,8
4169,4
4432,5
4060,8
Мінская вобласць
6208,5
4478,6
5417,1
6779,2
6682,2
5913,1
горад Мінск
7733,0
6309,7
7040,8
9172,1
8055,7
7662,3
У 2008 г. па ўзроўню ВРП на душу насельніцтва вылучалася сталіца Беларусі, другое месца займала непасрэдна Мінская вобласць, найменшы паказчык быў характэрны Брэстскай і Магілёўскай абласцям. Аднак за перыяд з 2008 па 2009 гг. найбольшы тэмп спаду ВРП характэрны якраз Магілёўскай, Мінскай абласцям і гораду Мінску, што тлумачыцца рэзкім змяншэннем вытворчасці ў рэгіёнах-лакаматывах Беларусі, звязаны са стратай побыту на беларускае абсталяванне і высокатэхнічныя прылады. Трэба адзначыць, што Мінская вобласць найбольш моцна рэагуе на змены рыначнай кан’юктуры, ёй характэрны найбольшыя спады ў 2009 годзе і найбольшыя тэмпы роста ў 2010 і 2011 гг., што звязана з размяшчэннем у гэтым рэгіёне адных з важнейшых вытворчасцей рэспублікі, такіх як ААГ “БелАЗ” і ААГ “Беларуськалій”. У адносінах да 2011 ў 2012 годзе спад ВРП характэрны гораду Мінску і Мінскай вобласці, што гаворыць пра змяншэнне дыферэнцыяцыі ў узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі (табл. 1).




Малюнак. Тэмп роста аб'ёма прамысловай вытворчасці
За перыяд з 2005 па 2006 гг. найбольш высокія паказчыкі рознічнага таваразвароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі на душу насельніцтва характэрны Гродненскай вобласці і гораду Мінску, найменшыя – Гомельскай і Магілёўскай. Пры аналізе дынамікі дадзенага паказчыка высветлілася, што абсалютна ўсім абласцям характэрны блізкі узровень тэмпаў росту пры спадах у 2009 і 2012 гг.


Малюнак. Тэмп роста розгічнага таваразвароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі 
Па ўзрозню інвестыцый у асноўны капітал на душу насельніцтва за перыяд з 2005 па 2012 гг. лідарамі сярод рэгіёнаў з’яўляюцца Мінская вобласць і горад Мінск, найменшыя паказчыкі характэрны Гомельскай і Віцебскай абласцям. Пры гэтым Віцебскай вобласці на працягу 2008 – 2012 гг. характэрны стабільнае змяншэнне інвестыцыйнай актыўнасці і павялічэнне тэмпу спаду ад 0,77 у 2009 г. да 0,56 у 2012 г.


Малюнак. Інвестыцыі ў асноўны капітал на душу насельніцтва
Пры аналізе дынамікі даследуемых паказчыкаў можна прыйсці да выніку, што сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў Беларусі з’яўляецца сбалансаваным і ўраўнаважанным, без асаблівых перакосаў у развіцці асобных рэгіёнаў, акрамя горада Мінска. Пры гэтым неабходна адзначыць, што найбольш залежным рэгіёнам Беларусі ад сусветнага рынка з’яўляецца Мінская вобласць, якой характэрны найбольшыя спады і тэмпы роста прамысловасці і сельскай гаспадаркі за перыяд з 2005 па 2012 гг.

Спіс выкарыстанных крыніц:

1. Регионы Республики Беларусь в цифрах 2006-2012 гг. // Национальный статистический комитет Республики Беларусь. [Электронный ресурс]. – 2013. Режим доступа: http://belstat.gov.by. – Дата доступа: 06.08.2013.