Адным з магістральных
накірункаў даследаванняў грамадскай геаграфіі з’яўляецца пошук рацыянальнага
выкарыстання сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага і экалагічнага патэнцыяла
тэрыторый. Такі напрамак ставіцца перад географамі ня толькі пры даследаванні
эканамічна развітых, урбанізаваных рэгіенаў, але і перад дэпрэсіўнымі. Пасля
атрымання незалежнасці і пераадолення наступстваў сістэмнага крызісу,
тэрытарыяльнай структуры Рэспублікі Беларусь характэрна ўзмоцненная
перыферызацыя і рэгіяналізацыя, якая звязана з міграцыйнай актыўнасцю
насельніцтва і абязлюджваннем сельскай мясцовасці. Пры гэтым, як адзначае
доктар геаграфічных навук, прафесар К. Красоўскі ў сваёй манаграфіі “Урбанизированная
эволюция Беларуси”: “пераход эканомікі з планавым кіраваннем народнай
гаспадаркай да рынкавых адносінаў, прыкметнае ўзмацненне апорна-каркасных
функцый гарадоў патрабуе актывізацыі даследаванняў рассяленчаскіх праблемаў і
прынцыпова новых метадаў і механізмаў рэгулявання сацыяльна-эканамічнымі
працэсамі” [7, с. 4].
Перыяд
«урбаністычнага буму» 1950-1970-х гг. – масавага перасялення насельніцтва з
сельскай мясцовасці ў гарады – абумовіў паўсюднае і прасторава раўнамернае
змяншэнне шчыльнасці насельніцтва сельскіх тэрыторый – у сярэднім на 8% за
перыяд. З 1970-х гг. і да канца ХХ стагоддзі працэс памяншэння шчыльнасці ў
рэгіёнах Беларусі пачынае характарызавацца прасторавай нераўнамернасцю ў
інтэнсіўнасці і ўзмацненні палярызацыі. Значныя прасторы сельскіх тэрыторый
становяцца малалюднымі ці амаль бязлюднымі [1].
Як адзначае
К. Красоўскі: Раўнамерная сетка малых гарадскіх населеных пунктаў павінна
спрыяць фармаванню цэнтраў абслугоўвання сельскіх жыхароў. Аднак большасць з іх
з-за недастатковага гісторыка-культурнага і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу
не могуць у поўным аб'ёме выконваць гэтыя функцыі // Асаблівасць гарадскога
рассялення краіны стварае значную кантраснасць ў магчымасцях астатніх жыхароў,
якія пражываюць за межамі сярэдняга радыусу ўплыву на прылеглую тэрыторыю,
выкарыстоўваць навуковы , культурны і сацыяльна-эканамічны патэнцыял гарадоў
гэтай катэгорыі” [7], што, у сваю чаргу, спрыяе перыферызацыі значнай часткі тэрыторыі
краіны. Рацыянальнае выкарыстанне малалюдных тэрыторый у новых рэаліях рынкавых
адносінаў змяншэння агульнай канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі
становіцца надзённай задачай, якая стаіць ня толькі перад колам навукоўцаў, але
і перад кіраўніцтвам рэспублікі.
Трэба
адзначыць, што такія меркаванні падтрымлівае і доктар геаграфічных навук,
прафесар К. Анціпава ў сваім артыкуле “Сельское расселение Беларуси:
пространственно-временные сдвиги”: “Пераход ад пашыранага да звужанага тыпу
ўзнаўлення насельніцтва абумовіў абязлюджванне дробных паселішчаў, якія
пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. У выніку без насельніцтва па перапісу 1999
засталіся 3% сельскіх населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку з іх 40 % у
Гомельскай вобласці , 30% – у Віцебскай . Кожны дзесяты сельскі населены пункт
застаўся без насельніцтва ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Найменшая
колькасць вёсак без насельніцтва знаходзіцца ў Брэсцкай і Мінскай абласцях (1 і
7% адпаведна). Дэпапуляцыя насельніцтва ў дадзенай катэгорыі сельскіх населеных
пунктаў пры захаванні іх у каркасе сельскага рассялення Беларусі абумоўлівае
рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя жыццядзейнасці і рацыянальнага
выкарыстання сельскіх тэрыторый , якія засталіся без насельніцтва” [1]. Пры
гэтым процівагай перадавым рэгіёнам з узмоцненым узроўнем
індустрыяльна-тэхнагеннай нагрузкі могуць стаць асабліва ахоўныя тэрыторыі.
На развіццё
урбанізацыйнага каркаса рэспублікі істотны ўплыў аказвае нацыянальная
экалагічная сетка і наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Фарміраванне
экалагічнай сеткі ўстанаўлівае шэраг абмежаванняў і прыярытэтаў развіцця як для
апорных гарадоў сістэмы рассялення, так і для транспартных камунікацый. У
сувязі з гэтым прыродны каркас, аснову якога ўтвараюць асабліва ахоўныя
тэрыторыі, выступае ў якасці процівагі ўрбанізаваным каркаса і разам з ім
ўтварае планіровачны каркас краіны [6].
Перадавой асабліва
ахоўнай тэрыторыяй з’яўляюцца нацыянальныя паркі. Нацыянальны парк – асабліва
ахоўная прыродная тэрыторыя (акваторыя), якая мае экалагічную, гістарычную і
эстэтычную каштоўнасць і амаль не зменена дзейнасцю чалавека. Ствараецца для
захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных,
асветніцкіх і навуковых мэтах [4, с. 242]. У адрозненне ад запаведнікаў, дзе
дзейнасць чалавека практычна цалкам забароненая (забароненыя паляванне, турызм
і т. п.), на тэрыторыю нацыянальных паркаў дапускаюцца турысты, у абмежаваных
маштабах дапускаецца гаспадарчая дзейнасць, што дазваляе атрымоўваць з гэтай
тэрыторыі нейкія эканамічныя прыбыткі. З-за спалучэння эканамічнай і
экалагічнай дзейнасці нацыянальныя паркі з’яўляюцца найбольш пашыраным тыпам
асабліва ахоўных тэрыторый.
Нацыянальныя паркі на
тэрыторыі Беларусі з'явіліся ўжо ў час яе незалежнасці, напрыклад: “Белавежская
пушча” – стала нацыянальным паркам толькі з 1993 года, хоць як ахоўная
прыродная тэрыторыя вядомая з 1409; “Браслаўскія азёры” – нацыянальны парк з
1995 года; “Нарачанскі” – стаў нацыянальным паркам у 1999 годзе. Стварэнне
новых нацыянальных паркаў было спынена. Пры гэтым агульная плошча нацыянальных
паркаў Беларусі складае каля 327 тыс. га ці каля 1,5% плошчы рэспублікі [4].
Гэты паказчык вышэйшы за многія краіны Еўропы (Германія, Польша і г.д.), аднак
пры нашым паказчыку шчыльнасці насельніцтва (47 чал./км2), узроўні
дэмаграфічнай нагрузкі на тэрыторыю і агракліматычным умовам доля асабліва
ахоўных тэрыторый у структуры зямельных рэсурсаў можа быць вышэйшая. Трэба
адзначыць, што ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” ў 2011 годзе выдаткі на
вядзенне паляўнічай гаспадаркі склалі 1,083 млрд. руб., прыбыткі 1,396 млрд.
руб., што гаворыць пра эканамічную перспектыўнасць такіх тэрыторый [8].
Рыс. 1.
Шчыльнасць сельскага насельніцтва (створа аўтарам па матэрыялах [1])
1 – “Выганашчанскі” НП;
2 – “Падзьвінскі” НП; 3 – “Асвейскі” НП; 4 – НП “Налібоцкая пушча”; 5 – “Сожскі”
НП
Значная частка
Беларусі характарызуецца абязлюджваннем тэрыторыі, пры гэтым 38% ад тэрыторыі
краіны складаюць лясы, што з’яўляецца добрым падмуркам для стварэння
нацыянальных паркаў (рыс. 1).
На аснове
разлічанага каэфіцыента дынамікі шчыльнасці сельскага насельніцтва за 1959-2005
гг . К. Анціпавай было выяўлена 6 арэалаў максімальнага дэмаграфічнага змяншэння
шчыльнасці (каэфіцыент дынамікі больш за 2,5 ) [1]:
1)
Чашніцка-Сенненска-Талачынская дуга ;
2)
Іўеўска-Наваградзка-Дзятлава-Зэльвенская дуга;
3)
Лоеўска-Нараўлянская дуга;
4)
Баранавіцка-Івацэвіцкі арэал;
5) Круглянска-Шклоўска-Бялыніцка-Клічаўскі
арэал;
6) Чавуска-Рагачоўска-Веткаўска-Хоцімскі
арэал (усяго 13 раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей).
У гэтых
выдзеленых К. Анціпавай рэгіёнах ва ўмовах зніжэння тэхнагеннай і
дэмаграфічнай нагрузкі неабходна стварэнне комплексных праграмаў для
рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных тэрыторый і глыбокі навуковы
аналіз магчымасці ўтварэння на базе адзначаных тэрыторый нацыянальных паркаў.
Пры паверхневым аналізе, які грунтуецца на ўліку ўжо створаных у краіне
заказніках рэспубліканскага значэння як падмуркаў новых нацыянальных паркаў,
можна вызначыць 5 патэнцыйных тэрыторый:
1.
Павялічаная
тэрыторыя “Выганашчанскага” гідралагічнага заказніка. Прыродны комплекс
заказніка мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння.
Заказнік ўключае буйныя балотныя масівы Выганашчанскае, Пагоня, Алешня, а
таксама ўрочышча Мох, Заканалье і інш. Заказнік “Выганашчанскае” ўяўляе сабою ўнікальную
непаўторную тэрыторыю для Беларусі і Еўропы ў цэлым. Гэта найбуйнейшы захаваны
балотны масіў на водападзеле рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. У
заказніку знаходзіцца зона актыўнай разгрузкі грунтавых вод, якая мае важнае
значэнне ў харчаванні рэк, азёр, падтрыманні кліматычных характарыстык.
Заказнік размешчаны ў межах пляската-хвалістых балотных і плоскіх другасных
водна-ледавіковых ландшафтаў. На месцы былога марскога дна сфармавалася
сучасная буйная плоскавыгнутая азёрна-балотная нізіна з вялікай колькасцю азёраў.
Тут жа праходзіць частка Агінскага канала, а ва ўрочышчы “Вясёлая Града”
захаваўся старажытны промысел – бортніцтва, выяўленыя сляды матэрыяльнай
культуры чалавека каменнага веку (крэмневыя рэтушаваныя скрабкі). Каля вёскі
Бабровічы помнікі прыроды і археалогіі – дубы-волаты і старажытнае гарадзішча [9].
2.
“Падзьвінскі”
нацыянальны парк можа быць створаны на базе гідралагічнага заказніка “Крывое”
разам з Ушацкай групай азёр і сярэдняй часткай поймы Заходняй Дзвіны. Тэрыторыя
нацыянальнага парка будзе размешчана на Полацкай нізіне, дзе сустракаюцца
озавыя грады. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу
Беларусі [3,
с. 499]
3.
“Асвейскі”
біялагічны заказнік заснаваны ў 1977 годзе для зберажэння месцаў масавага
гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае
Асвейскае возера (гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную
кнігу Беларусі, водзіцца андатра і бобр), Асвейскае балота і града [2, с. 23].
4.
Нацыянальны
парк “Налібоцкая пушча” можа быць створаны на базе аднайменнага біялагічнага
заказніка. 26 сустракаемых у “Налібоцкай пушчы” вышэйшых відаў сасудзістых
раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [4, с. 133].
5.
“Чачэрскі”
біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў 1978 годзе заснаваны для
рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення прыродных запасаў лекавых раслін. У
Чырвонай кнізе – пылкагалоўнік чырвоны, жаўтазель германскі, канюшына
любінавая; з жывёл – барсук, кулік-сарока, чорны бусел [5, с. 267].
Агульная дэпапуляцыя насельніцтва і наяўнасць дэпрэсійных
сельскіх рэгіёнаў абумоўлівае рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя
жыццядзейнасці і рацыянальнага выкарыстання сельскіх тэрыторый, якія засталіся
без насельніцтва. Такім рашэннем можа стаць стварэнне новых асабова ахоўных
тэрыторый. Нягледзячы на агульнае змяншэнне канкурэнтаздольнасці беларуская
эканомікі, у Беларусі ёсць значная абсалютная перавага – гэта адносна захаваная
еўрапейская прырода. Пры разумным турыстычным маркетынгу і дзяржаўнай падтрымцы
гэта перавага можа прынесці эканоміцы рэспублікі пэўныя дывідэнты.
Спіс выкарыстанных крыніц:
1.
Антипова
Е.А. Сельское расселение Беларуси: пространственно-временные сдвиги (в 2-х ч.)
// Земля Беларуси. – 2007. № 2. – С.20 25; Земля Беларуси. – 2007. № 3. –
С.15-20. [Электронный ресурс] http://www.bsu.by/Cache/pdf/162373.pdf
2.
Беларуская
энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2: Аршыца – Беларусцы / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў
і інш. – Мн.: БелЭн, 1996. – 480 с.
3.
Беларуская
энцыклапедыя. У 18 т. Т. 8: Канто – Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і
інш. – Мн.: БелЭн, 1999. – 576 с.
4.
Беларуская
энцыклапедыя. У 18 т. Т. 11: Мугір – Паліклініка / Рэдкал.:
Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2000. – 560 с.
5.
Беларуская
энцыклапедыя. У 18 т. Т. 17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў
і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512 с.
6.
Беларусь:
среда для человека // Национальный отчет о человеческом развитии – 96. – Минск,
1996. – 216 с.
7.
Красовский
К.К. Урбанистическая эволюция Беларуси: монография /
К. Красовский. – Брест: БрГУ имени А.С. Пушкина, 2009. –
237 с.
8.
Афіцыйны
сайт нацыянальнага парка “Нарачанскі” [Інтэрнэт-спасылка] http://www.naroch.com/sertifikacia/
9. [Інтэрнэт-спасылка] http://www.gants-region.
info/ index/ landshaftnyj_ zakaznik_ vygonoshhanskoe/0-1436