понедельник, 19 мая 2014 г.

ГЕАГРАФІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ

Ва ўмовах пераходу ад планава-адміністрацыйных да рынкавых адносінаў эканоміка постсавецкіх краін перажывае не толькі структурныя, але і прасторавыя змены, якія, у сваю чаргу, накладваюць адбітак на сацыяльную сферу і ўзровень жыцця насельніцтва. На працягу 1990-х гг. у Беларусі больш выразна выявіліся як адсталыя, так і перадавыя рэгіёны, г. зн. адбылася прасторавая трансфармацыя эканомікі Беларусі з фарміраваннем цэнтр-перыферыйных адносінаў.
Дыягностыка сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца актуальнай задачай эканомгеаграфічнай навукі: геаграфічны аналіз шматлікіх статыстычных дадзеных стварае падмурак для распрацоўкі комплексу мерапрыемстваў для рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных рэгіёнаў і прагназавання прасторавага развіцця беларускай эканомікі. Аднак у сучаснай навуцы адсутнічае ўніверсальная методыка для дыягностыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта абумоўлена дыялектычнай складанасцю характарыстыкі рэгіёна як прадмета даследавання і вялікай колькасцю паказчыкаў, якія неабходна ўлічваць. Дыскусійным з’яўляецца пытанне, якія паказчыкі найбольш дакладна адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё. Найбольш пашыраным з іх з’яўляецца агулавы рэгіянальны выраб (АРВ), які адлюстроўвае створаныя насельніцтвам за пэўны перыяд часу матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі пераведзеныя ва ўмоўныя адзінкі. Але паколькі дадзены паказчык не можа фіксаваць якасць паслуг аховы здароўя ці развіццё транспартнай інфраструктуры, найбольш пашыраным з’яўляецца выкарыстанне комплексных інтэгральных паказчыкаў. Навуковыя цяжкасці таксама звязаны з прыярытэтамі ў выкарыстанні абсалютных або адносных паказчыкаў для адлюстравання развіцця рэгіёнаў, а таксама з улічваннем дынамічнасці даследаваных з’яў. Даследаванні нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі, выкарыстоўваючы адносныя паказчыкі, амаль што не праводзіліся, што абумоўлівае навізну выбранай тэмы.
Для дыягностыкі нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі намі была выкарыстана методыка аналізу інвестыцыйнай прывабнасці гарадоў, прапанаваная ў артыкуле М.М. Кавалёва і А.Г. Якубовіч [2, с. 45]. Першапачатковыя дадзеныя (q – нумар рэгіёна, c – нумар паказчыка) нарміраваны ў індыкатары (Iqc) метадам мінімум-максімум, які пераўтварае ўсе дадзеныя ў дыяпазон [0, 1] па формуле (1.1):

                                                             (1.1)

дзе min(xqc) і max(xqc) – мінімальны і максімальны паказчык xqc за даследуемы перыяд часу. На наступным этапе нарміраваныя індыкатары агрэгуюцца ў мікраіндэксы шляхам вылічэння сярэдняга арыфметычнага. Пасля той жа методыкай мікраіндэксы па кожнаму паказчыку агрэгуюцца ў комплексны індэкс.
У даследаванні былі выкарыстаны наступныя адносныя паказчыкі, якія падаюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам [1]: аб’ём прамысловай вытворчасці на душу насельніцтва, чысты прыбытак арганізацый на душу насельніцтва, інвестыцыі ў асноўны капітал на душу насельніцтва, намінальны сярэднемесячны заробак працаўніка, рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі на душу насельніцтва і паказчык расшырэння ёмістасці рынка працы, які складаецца з узроўню безпрацоўя і долі неактыўнага насельніцтва ў складзе працаздольнага. Адзначаныя паказчыкі аналізаваліся за 5-гадовы перыяд – з 2008 (пачатак Сусветнага сістэмнага крызісу) па 2012 г. Пры гэтым па прычыне выкарыстання адносных паказчыкаў вынік даследавання не можа акрэсліць вагу рэгіёнаў у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Нашы вывады адлюстроўваюць найперш ступень выкарыстання вытворчага патэнцыялу чалавека, ўзровень і якасць яго жыцця ў розных рэгіёнах Беларусі.

Малюнак 1. Картасхема сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі (складзена аўтарам)

У выніку даследавання аўтарам была складзена картасхема, прапанаваная на малюнку 1. Найбольшае сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для 4 рэгіёнаў Беларусі з моцным прамысловым і чалавечым патэнцыялам: Салігорскі, Мінскі, Мазырскі раёны і горад Мінск. Дадзеныя рэгіёны з’яўляюцца лакаматывамі развіцця беларускай эканомікі, а таксама найбольш значнымі рэгіёнамі ў сферы знешняга гандлю з экспартаарыентаванай прамысловасцю. Сярэдняе сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для прысталічных рэгіёнаў (Дзяржынскага і Смалявіцкага), а таксама для буйных прамысловых (Жлобінскага, Полацкага, Брэсцкага і Гродзенскага). Названыя рэгіёны ўяўляюць сабою цэнтры эканамічнага развіцця Беларусі, для якіх характэрна найбольш рацыянальнае выкарыстанне чалавечага патэнцыялу ў краіне.
Да паўперыферыі належаць рэгіёны нізкага сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія, у сваю чаргу, звязаны з асноўнымі транспартнымі магістралямі еўрапейскага значэння. Да паўперыферыі таксама трэба аднесці і некаторыя рэгіёны з буйным чалавечым і прамысловым патэнцыялам (Гомельскі, Віцебскі, Пінскі, Аршанскі і інш.), аднак з меншымі паказчыкамі інвестыцый і чыстага прыбытку на душу насельніцтва. Паўперыферыя зведвае міграцыйны адток насельніцтва, дэпапуляцыю, але мае даволі высокі інвестыцыйны патэнцыял.
Перыферыя рэспублікі ў асноўным лакалізуецца на паўднёвым-усходзе, поўдні, а таксама на поўначы Беларусі (звязана з меншай прамысловай развітасцю Палесся і Паазер’я ды наступствамі аварыі на ЧАЭС). Аднак гэтыя тэрыторыі маюць высокі рэкрэацыйны і прыродаахоўчы патэнцыял, які не выкарыстаны ў дастатковай ступені.
Такім чынам праведзенае намі даследаванне дазволіла зрабіць наступныя высновы:
1.      Беларусі характэрна значная нераўнамернасць рэгіянальнага развіцця, пры гэтым тэндэнцыя да сацыяльна-эканамічнай дыферэнцыяцыі з кожным годам узрастае, што негатыўна сказваецца на агульнарэспубліканскім эканамічным развіцці;
2.      большая частка тэрыторыі краіны мае нізкае і вельмі нізкае сацыяльна-эканамічнае развіццё;
3.      цэнтрамі эканамічнага развіцця з’яўляюцца рэгіёны з буйной экспартаарыентаванай прамысловасцю, пры гэтым яны акумулююць каля 3,5 млн. чалавек ці 1/3 насельніцтва Беларусі;
4.      паўперыферыя звязана з галоўнымі транспартнымі артэрыямі краіны, тым самым выконваючы сваю галоўную функцыю – звязвае эканамічныя цэнтры краіны паміж сабою і з рынкамі іншых дзяржаў;
5.      перыферыя лакалізавана на паўднёвым-усходзе і поўначы Беларусі. Гэтым рэгіёнам характэрна дэпапуляцыя і міграцыйны адток насельніцтва.

Літаратура:

1) Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://belstat.gov.by/
2) Ковалев М.М., Якубович А.Г. Инвестиционная привлекательность городов // Вестник Ассоциации белорусских банков, № 11-12 (607-608) 18.03.11. С. 39 – 49