Показаны сообщения с ярлыком Рэгіён. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком Рэгіён. Показать все сообщения

понедельник, 19 мая 2014 г.

ГЕАГРАФІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ НЕРАЎНАМЕРНАСЦІ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ

Ва ўмовах пераходу ад планава-адміністрацыйных да рынкавых адносінаў эканоміка постсавецкіх краін перажывае не толькі структурныя, але і прасторавыя змены, якія, у сваю чаргу, накладваюць адбітак на сацыяльную сферу і ўзровень жыцця насельніцтва. На працягу 1990-х гг. у Беларусі больш выразна выявіліся як адсталыя, так і перадавыя рэгіёны, г. зн. адбылася прасторавая трансфармацыя эканомікі Беларусі з фарміраваннем цэнтр-перыферыйных адносінаў.
Дыягностыка сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца актуальнай задачай эканомгеаграфічнай навукі: геаграфічны аналіз шматлікіх статыстычных дадзеных стварае падмурак для распрацоўкі комплексу мерапрыемстваў для рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных рэгіёнаў і прагназавання прасторавага развіцця беларускай эканомікі. Аднак у сучаснай навуцы адсутнічае ўніверсальная методыка для дыягностыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта абумоўлена дыялектычнай складанасцю характарыстыкі рэгіёна як прадмета даследавання і вялікай колькасцю паказчыкаў, якія неабходна ўлічваць. Дыскусійным з’яўляецца пытанне, якія паказчыкі найбольш дакладна адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё. Найбольш пашыраным з іх з’яўляецца агулавы рэгіянальны выраб (АРВ), які адлюстроўвае створаныя насельніцтвам за пэўны перыяд часу матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі пераведзеныя ва ўмоўныя адзінкі. Але паколькі дадзены паказчык не можа фіксаваць якасць паслуг аховы здароўя ці развіццё транспартнай інфраструктуры, найбольш пашыраным з’яўляецца выкарыстанне комплексных інтэгральных паказчыкаў. Навуковыя цяжкасці таксама звязаны з прыярытэтамі ў выкарыстанні абсалютных або адносных паказчыкаў для адлюстравання развіцця рэгіёнаў, а таксама з улічваннем дынамічнасці даследаваных з’яў. Даследаванні нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі, выкарыстоўваючы адносныя паказчыкі, амаль што не праводзіліся, што абумоўлівае навізну выбранай тэмы.
Для дыягностыкі нераўнамернасці сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі намі была выкарыстана методыка аналізу інвестыцыйнай прывабнасці гарадоў, прапанаваная ў артыкуле М.М. Кавалёва і А.Г. Якубовіч [2, с. 45]. Першапачатковыя дадзеныя (q – нумар рэгіёна, c – нумар паказчыка) нарміраваны ў індыкатары (Iqc) метадам мінімум-максімум, які пераўтварае ўсе дадзеныя ў дыяпазон [0, 1] па формуле (1.1):

                                                             (1.1)

дзе min(xqc) і max(xqc) – мінімальны і максімальны паказчык xqc за даследуемы перыяд часу. На наступным этапе нарміраваныя індыкатары агрэгуюцца ў мікраіндэксы шляхам вылічэння сярэдняга арыфметычнага. Пасля той жа методыкай мікраіндэксы па кожнаму паказчыку агрэгуюцца ў комплексны індэкс.
У даследаванні былі выкарыстаны наступныя адносныя паказчыкі, якія падаюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам [1]: аб’ём прамысловай вытворчасці на душу насельніцтва, чысты прыбытак арганізацый на душу насельніцтва, інвестыцыі ў асноўны капітал на душу насельніцтва, намінальны сярэднемесячны заробак працаўніка, рознічны таваразварот гандлю праз усе каналы рэалізацыі на душу насельніцтва і паказчык расшырэння ёмістасці рынка працы, які складаецца з узроўню безпрацоўя і долі неактыўнага насельніцтва ў складзе працаздольнага. Адзначаныя паказчыкі аналізаваліся за 5-гадовы перыяд – з 2008 (пачатак Сусветнага сістэмнага крызісу) па 2012 г. Пры гэтым па прычыне выкарыстання адносных паказчыкаў вынік даследавання не можа акрэсліць вагу рэгіёнаў у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Нашы вывады адлюстроўваюць найперш ступень выкарыстання вытворчага патэнцыялу чалавека, ўзровень і якасць яго жыцця ў розных рэгіёнах Беларусі.

Малюнак 1. Картасхема сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі (складзена аўтарам)

У выніку даследавання аўтарам была складзена картасхема, прапанаваная на малюнку 1. Найбольшае сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для 4 рэгіёнаў Беларусі з моцным прамысловым і чалавечым патэнцыялам: Салігорскі, Мінскі, Мазырскі раёны і горад Мінск. Дадзеныя рэгіёны з’яўляюцца лакаматывамі развіцця беларускай эканомікі, а таксама найбольш значнымі рэгіёнамі ў сферы знешняга гандлю з экспартаарыентаванай прамысловасцю. Сярэдняе сацыяльна-эканамічнае развіццё характэрна для прысталічных рэгіёнаў (Дзяржынскага і Смалявіцкага), а таксама для буйных прамысловых (Жлобінскага, Полацкага, Брэсцкага і Гродзенскага). Названыя рэгіёны ўяўляюць сабою цэнтры эканамічнага развіцця Беларусі, для якіх характэрна найбольш рацыянальнае выкарыстанне чалавечага патэнцыялу ў краіне.
Да паўперыферыі належаць рэгіёны нізкага сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія, у сваю чаргу, звязаны з асноўнымі транспартнымі магістралямі еўрапейскага значэння. Да паўперыферыі таксама трэба аднесці і некаторыя рэгіёны з буйным чалавечым і прамысловым патэнцыялам (Гомельскі, Віцебскі, Пінскі, Аршанскі і інш.), аднак з меншымі паказчыкамі інвестыцый і чыстага прыбытку на душу насельніцтва. Паўперыферыя зведвае міграцыйны адток насельніцтва, дэпапуляцыю, але мае даволі высокі інвестыцыйны патэнцыял.
Перыферыя рэспублікі ў асноўным лакалізуецца на паўднёвым-усходзе, поўдні, а таксама на поўначы Беларусі (звязана з меншай прамысловай развітасцю Палесся і Паазер’я ды наступствамі аварыі на ЧАЭС). Аднак гэтыя тэрыторыі маюць высокі рэкрэацыйны і прыродаахоўчы патэнцыял, які не выкарыстаны ў дастатковай ступені.
Такім чынам праведзенае намі даследаванне дазволіла зрабіць наступныя высновы:
1.      Беларусі характэрна значная нераўнамернасць рэгіянальнага развіцця, пры гэтым тэндэнцыя да сацыяльна-эканамічнай дыферэнцыяцыі з кожным годам узрастае, што негатыўна сказваецца на агульнарэспубліканскім эканамічным развіцці;
2.      большая частка тэрыторыі краіны мае нізкае і вельмі нізкае сацыяльна-эканамічнае развіццё;
3.      цэнтрамі эканамічнага развіцця з’яўляюцца рэгіёны з буйной экспартаарыентаванай прамысловасцю, пры гэтым яны акумулююць каля 3,5 млн. чалавек ці 1/3 насельніцтва Беларусі;
4.      паўперыферыя звязана з галоўнымі транспартнымі артэрыямі краіны, тым самым выконваючы сваю галоўную функцыю – звязвае эканамічныя цэнтры краіны паміж сабою і з рынкамі іншых дзяржаў;
5.      перыферыя лакалізавана на паўднёвым-усходзе і поўначы Беларусі. Гэтым рэгіёнам характэрна дэпапуляцыя і міграцыйны адток насельніцтва.

Літаратура:

1) Афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://belstat.gov.by/
2) Ковалев М.М., Якубович А.Г. Инвестиционная привлекательность городов // Вестник Ассоциации белорусских банков, № 11-12 (607-608) 18.03.11. С. 39 – 49

вторник, 25 марта 2014 г.

ПРАБЛЕМА ВЫКАРЫСТАННЯ ЭКАНАМІЧНАГА ПАТЭНЦЫЯЛА ДЭПРЭСІЎНЫХ РЭГІЁНАЎ

Адным з магістральных накірункаў даследаванняў грамадскай геаграфіі з’яўляецца пошук рацыянальнага выкарыстання сацыяльна-эканамічнага, дэмаграфічнага і экалагічнага патэнцыяла тэрыторый. Такі напрамак ставіцца перад географамі ня толькі пры даследаванні эканамічна развітых, урбанізаваных рэгіенаў, але і перад дэпрэсіўнымі. Пасля атрымання незалежнасці і пераадолення наступстваў сістэмнага крызісу, тэрытарыяльнай структуры Рэспублікі Беларусь характэрна ўзмоцненная перыферызацыя і рэгіяналізацыя, якая звязана з міграцыйнай актыўнасцю насельніцтва і абязлюджваннем сельскай мясцовасці. Пры гэтым, як адзначае доктар геаграфічных навук, прафесар К. Красоўскі ў сваёй манаграфіі “Урбанизированная эволюция Беларуси”: “пераход эканомікі з планавым кіраваннем народнай гаспадаркай да рынкавых адносінаў, прыкметнае ўзмацненне апорна-каркасных функцый гарадоў патрабуе актывізацыі даследаванняў рассяленчаскіх праблемаў і прынцыпова новых метадаў і механізмаў рэгулявання сацыяльна-эканамічнымі працэсамі” [7, с. 4].
Перыяд «урбаністычнага буму» 1950-1970-х гг. – масавага перасялення насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарады – абумовіў паўсюднае і прасторава раўнамернае змяншэнне шчыльнасці насельніцтва сельскіх тэрыторый – у сярэднім на 8% за перыяд. З 1970-х гг. і да канца ХХ стагоддзі працэс памяншэння шчыльнасці ў рэгіёнах Беларусі пачынае характарызавацца прасторавай нераўнамернасцю ў інтэнсіўнасці і ўзмацненні палярызацыі. Значныя прасторы сельскіх тэрыторый становяцца малалюднымі ці амаль бязлюднымі [1].
Як адзначае К. Красоўскі: Раўнамерная сетка малых гарадскіх населеных пунктаў павінна спрыяць фармаванню цэнтраў абслугоўвання сельскіх жыхароў. Аднак большасць з іх з-за недастатковага гісторыка-культурнага і сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу не могуць у поўным аб'ёме выконваць гэтыя функцыі // Асаблівасць гарадскога рассялення краіны стварае значную кантраснасць ў магчымасцях астатніх жыхароў, якія пражываюць за межамі сярэдняга радыусу ўплыву на прылеглую тэрыторыю, выкарыстоўваць навуковы , культурны і сацыяльна-эканамічны патэнцыял гарадоў гэтай катэгорыі” [7], што, у сваю чаргу, спрыяе перыферызацыі значнай часткі тэрыторыі краіны. Рацыянальнае выкарыстанне малалюдных тэрыторый у новых рэаліях рынкавых адносінаў змяншэння агульнай канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі становіцца надзённай задачай, якая стаіць ня толькі перад колам навукоўцаў, але і перад кіраўніцтвам рэспублікі.
Трэба адзначыць, што такія меркаванні падтрымлівае і доктар геаграфічных навук, прафесар К. Анціпава ў сваім артыкуле “Сельское расселение Беларуси: пространственно-временные сдвиги”: “Пераход ад пашыранага да звужанага тыпу ўзнаўлення насельніцтва абумовіў абязлюджванне дробных паселішчаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. У выніку без насельніцтва па перапісу 1999 засталіся 3% сельскіх населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку з іх 40 % у Гомельскай вобласці , 30% – у Віцебскай . Кожны дзесяты сельскі населены пункт застаўся без насельніцтва ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Найменшая колькасць вёсак без насельніцтва знаходзіцца ў Брэсцкай і Мінскай абласцях (1 і 7% адпаведна). Дэпапуляцыя насельніцтва ў дадзенай катэгорыі сельскіх населеных пунктаў пры захаванні іх у каркасе сельскага рассялення Беларусі абумоўлівае рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя жыццядзейнасці і рацыянальнага выкарыстання сельскіх тэрыторый , якія засталіся без насельніцтва” [1]. Пры гэтым процівагай перадавым рэгіёнам з узмоцненым узроўнем індустрыяльна-тэхнагеннай нагрузкі могуць стаць асабліва ахоўныя тэрыторыі.
На развіццё урбанізацыйнага каркаса рэспублікі істотны ўплыў аказвае нацыянальная экалагічная сетка і наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Фарміраванне экалагічнай сеткі ўстанаўлівае шэраг абмежаванняў і прыярытэтаў развіцця як для апорных гарадоў сістэмы рассялення, так і для транспартных камунікацый. У сувязі з гэтым прыродны каркас, аснову якога ўтвараюць асабліва ахоўныя тэрыторыі, выступае ў якасці процівагі ўрбанізаваным каркаса і разам з ім ўтварае планіровачны каркас краіны [6].
Перадавой асабліва ахоўнай тэрыторыяй з’яўляюцца нацыянальныя паркі. Нацыянальны парк – асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя (акваторыя), якая мае экалагічную, гістарычную і эстэтычную каштоўнасць і амаль не зменена дзейнасцю чалавека. Ствараецца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асветніцкіх і навуковых мэтах [4, с. 242]. У адрозненне ад запаведнікаў, дзе дзейнасць чалавека практычна цалкам забароненая (забароненыя паляванне, турызм і т. п.), на тэрыторыю нацыянальных паркаў дапускаюцца турысты, у абмежаваных маштабах дапускаецца гаспадарчая дзейнасць, што дазваляе атрымоўваць з гэтай тэрыторыі нейкія эканамічныя прыбыткі. З-за спалучэння эканамічнай і экалагічнай дзейнасці нацыянальныя паркі з’яўляюцца найбольш пашыраным тыпам асабліва ахоўных тэрыторый.
Нацыянальныя паркі на тэрыторыі Беларусі з'явіліся ўжо ў час яе незалежнасці, напрыклад: “Белавежская пушча” – стала нацыянальным паркам толькі з 1993 года, хоць як ахоўная прыродная тэрыторыя вядомая з 1409; “Браслаўскія азёры” – нацыянальны парк з 1995 года; “Нарачанскі” – стаў нацыянальным паркам у 1999 годзе. Стварэнне новых нацыянальных паркаў было спынена. Пры гэтым агульная плошча нацыянальных паркаў Беларусі складае каля 327 тыс. га ці каля 1,5% плошчы рэспублікі [4]. Гэты паказчык вышэйшы за многія краіны Еўропы (Германія, Польша і г.д.), аднак пры нашым паказчыку шчыльнасці насельніцтва (47 чал./км2), узроўні дэмаграфічнай нагрузкі на тэрыторыю і агракліматычным умовам доля асабліва ахоўных тэрыторый у структуры зямельных рэсурсаў можа быць вышэйшая. Трэба адзначыць, што ў Нацыянальным парку “Нарачанскі” ў 2011 годзе выдаткі на вядзенне паляўнічай гаспадаркі склалі 1,083 млрд. руб., прыбыткі 1,396 млрд. руб., што гаворыць пра эканамічную перспектыўнасць такіх тэрыторый [8].

Рыс. 1. Шчыльнасць сельскага насельніцтва (створа аўтарам па матэрыялах [1])
1 – “Выганашчанскі” НП; 2 – “Падзьвінскі” НП; 3 – “Асвейскі” НП; 4 – НП “Налібоцкая пушча”; 5 – “Сожскі” НП

Значная частка Беларусі характарызуецца абязлюджваннем тэрыторыі, пры гэтым 38% ад тэрыторыі краіны складаюць лясы, што з’яўляецца добрым падмуркам для стварэння нацыянальных паркаў (рыс. 1).
На аснове разлічанага каэфіцыента дынамікі шчыльнасці сельскага насельніцтва за 1959-2005 гг . К. Анціпавай было выяўлена 6 арэалаў максімальнага дэмаграфічнага змяншэння шчыльнасці (каэфіцыент дынамікі больш за 2,5 ) [1]:
1) Чашніцка-Сенненска-Талачынская дуга ;
2) Іўеўска-Наваградзка-Дзятлава-Зэльвенская дуга;
3) Лоеўска-Нараўлянская дуга;
4) Баранавіцка-Івацэвіцкі арэал;
5) Круглянска-Шклоўска-Бялыніцка-Клічаўскі арэал;
6) Чавуска-Рагачоўска-Веткаўска-Хоцімскі арэал (усяго 13 раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей).
У гэтых выдзеленых К. Анціпавай рэгіёнах ва ўмовах зніжэння тэхнагеннай і дэмаграфічнай нагрузкі неабходна стварэнне комплексных праграмаў для рацыянальнага выкарыстання патэнцыялу дэпрэсіўных тэрыторый і глыбокі навуковы аналіз магчымасці ўтварэння на базе адзначаных тэрыторый нацыянальных паркаў. Пры паверхневым аналізе, які грунтуецца на ўліку ўжо створаных у краіне заказніках рэспубліканскага значэння як падмуркаў новых нацыянальных паркаў, можна вызначыць 5 патэнцыйных тэрыторый:
1.     Павялічаная тэрыторыя “Выганашчанскага” гідралагічнага заказніка. Прыродны комплекс заказніка мае статус тэрыторыі, важнай для птушак, міжнароднага значэння. Заказнік ўключае буйныя балотныя масівы Выганашчанскае, Пагоня, Алешня, а таксама ўрочышча Мох, Заканалье і інш. Заказнік “Выганашчанскае” ўяўляе сабою ўнікальную непаўторную тэрыторыю для Беларусі і Еўропы ў цэлым. Гэта найбуйнейшы захаваны балотны масіў на водападзеле рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. У заказніку знаходзіцца зона актыўнай разгрузкі грунтавых вод, якая мае важнае значэнне ў харчаванні рэк, азёр, падтрыманні кліматычных характарыстык. Заказнік размешчаны ў межах пляската-хвалістых балотных і плоскіх другасных водна-ледавіковых ландшафтаў. На месцы былога марскога дна сфармавалася сучасная буйная плоскавыгнутая азёрна-балотная нізіна з вялікай колькасцю азёраў. Тут жа праходзіць частка Агінскага канала, а ва ўрочышчы “Вясёлая Града” захаваўся старажытны промысел – бортніцтва, выяўленыя сляды матэрыяльнай культуры чалавека каменнага веку (крэмневыя рэтушаваныя скрабкі). Каля вёскі Бабровічы помнікі прыроды і археалогіі – дубы-волаты і старажытнае гарадзішча [9].
2.     “Падзьвінскі” нацыянальны парк можа быць створаны на базе гідралагічнага заказніка “Крывое” разам з Ушацкай групай азёр і сярэдняй часткай поймы Заходняй Дзвіны. Тэрыторыя нацыянальнага парка будзе размешчана на Полацкай нізіне, дзе сустракаюцца озавыя грады. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [3, с. 499]
3.     “Асвейскі” біялагічны заказнік заснаваны ў 1977 годзе для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера (гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, водзіцца андатра і бобр), Асвейскае балота і града [2, с. 23].
4.     Нацыянальны парк “Налібоцкая пушча” можа быць створаны на базе аднайменнага біялагічнага заказніка. 26 сустракаемых у “Налібоцкай пушчы” вышэйшых відаў сасудзістых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [4, с. 133].
5.     “Чачэрскі” біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў 1978 годзе заснаваны для рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення прыродных запасаў лекавых раслін. У Чырвонай кнізе – пылкагалоўнік чырвоны, жаўтазель германскі, канюшына любінавая; з жывёл – барсук, кулік-сарока, чорны бусел [5, с. 267].
Агульная дэпапуляцыя насельніцтва і наяўнасць дэпрэсійных сельскіх рэгіёнаў абумоўлівае рашэнне праблемы аптымізацыі асяроддзя жыццядзейнасці і рацыянальнага выкарыстання сельскіх тэрыторый, якія засталіся без насельніцтва. Такім рашэннем можа стаць стварэнне новых асабова ахоўных тэрыторый. Нягледзячы на агульнае змяншэнне канкурэнтаздольнасці беларуская эканомікі, у Беларусі ёсць значная абсалютная перавага – гэта адносна захаваная еўрапейская прырода. Пры разумным турыстычным маркетынгу і дзяржаўнай падтрымцы гэта перавага можа прынесці эканоміцы рэспублікі пэўныя дывідэнты.


Спіс выкарыстанных крыніц:
1.     Антипова Е.А. Сельское расселение Беларуси: пространственно-временные сдвиги (в 2-х ч.) // Земля Беларуси. – 2007. № 2. – С.20 25; Земля Беларуси. – 2007. № 3. – С.15-20. [Электронный ресурс] http://www.bsu.by/Cache/pdf/162373.pdf
2.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  2: Аршыца – Беларусцы / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1996. – 480 с.
3.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  8: Канто – Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1999. – 576 с.
4.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  11: Мугір – Паліклініка / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2000. – 560 с.
5.     Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.  17: Хвінявічы – Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2003. – 512 с.
6.     Беларусь: среда для человека // Национальный отчет о человеческом развитии – 96. – Минск, 1996. – 216 с.
7.     Красовский К.К. Урбанистическая эволюция Беларуси: монография / К. Красовский. – Брест: БрГУ имени А.С. Пушкина, 2009. – 237 с.
8.     Афіцыйны сайт нацыянальнага парка “Нарачанскі” [Інтэрнэт-спасылка] http://www.naroch.com/sertifikacia/
               9. [Інтэрнэт-спасылка] http://www.gants-region. info/ index/ landshaftnyj_                       zakaznik_ vygonoshhanskoe/0-1436